Кіраванне задачамі праз час, энергію і ўвагу

Кіраванне задачамі праз час, энергію і ўвагу

Я даволі доўгі час карыстаюся праграмай Things для вядзення сваіх асабістых спісаў задач. І што мне падабаецца ў ёй, дык гэта тое, што аўтары праграмы не сталі заганяць карыстальнікаў у нейкія межы, прымушаючы карыстацца праграмай пэўным спосабам.

Але часам такая свабода мае і адваротны бок, асабліва, калі распрацоўшчыкі не даюць ніякіх рэкамендацый, як карыстацца той ці іншай функцыяй. І для мяне такой функцыя аказаліся тэгі, якія можна дадаваць да любой задачы праекта, ці ўвогуле цэлай катэгорыі.

Я спрабаваў розныя падыходы адносна арганізацыі тэгаў, чытаў прыклады іншых людзей. Нехта ствараў сістэму падобную да кантэкстаў GTD Алена, нехта рабіў кола балансу праз тэгі (і я спрабаваў), але мне ўсё гэта не падыходзіла, пакуль цягам працяглых эксперыментаў не прыйшоў да сваёй сістэмы, якая не перашкаджае і дапамагае. Давайце пра яе і распавяду.

Мая сістэма складаецца з трох асноўных вектараў: час, энергія і ўвага. Па кожнаму з вектараў ёсць градацыя, дзе звычайна не больш за тры ўзроўні, але можна і больш, калі нехта мае патрэбу.

Час — тое, колькі задача патрабуе фізічна часу для яе выканання. Яна мае тры ступені, дзе максімальная з іх - палова дня. Для большай візуалізацыі я карыстаюся emoji з памідорамі.

🍅 – 30m – простая задача, на якую хапае аднаго “памідора” (25 хвілін працы з перапынкам на 5 хвілін) 🍅🍅 – 2h – больш складаная задача, калі патрэбна напісаць нейкі кавалак кода ці артыкул, напрыклад. 🍅🍅🍅 – ½d – задача, што зойме дакладна палову дня, напрыклад паехаць недзе і вырашыць нейкія пытанні.

Калі задача патрабуе больш часу, чым палова дня, яна павінна быць разбіта на больш малыя, каб імі можна было кіраваць.

🔋 Энергія — гэты вектар вызначае, колькі на задачу патрабуецца эмацыянальнай энергіі. Вызначыць дакладны ўзровень энергіі складана, таму што няма нейкага паказчыка, па якім можна яго вымераць, гэта хутчэй нейкія асабістыя пачуцці. Таму і ўзроўні даволі простыя: 🟢 – лёгка, 🟡 – сярэдне і 🔴 – складана.

Складана не ў сэнсе, што патрабуе шмат часу, а эмацыянальна складана. Прымусіць сябе напісаць артыкул можна быць значна складаней, чым выправіць памылку ў кодзе, які нядаўна пісаў.

🚨 Увага — вектар, які паказвае, якія задачы патрабуюць максімальнай канцэнтрацыі ці падвышанай увагі, калі іх выконваеш. Напрыклад, нейкія фінансавыя задачы, як то разлічыць падаткі, патрабуюць больш увагі. Тэгамі з гэтага вектара можна пазначаць і прыярытэт, то бок пазначыць задачы, які больш важныя. Я выкарыстоўваю ўсяго два варыянты: ❗️і ‼️.

Адзначу, што не ўсе абсалютна задачы я пазначаю тэгамі, але калі плануеш нейкі праект, то такія адзнакі могуць быць карыснымі, каб потым мець магчымасць выбраць тыя задачы, якія пасуюць асабістаму стану. Напрыклад, калі ёсць час, ніхто не перашкаджае, выспаўся і табе хапае энергіі - можна парабіць складаныя задачы, а ў іншы час выбраць іншыя, больш простыя.

P.S. Я пачаў перакладаць дакументацыю NestJS на беларускую мову і буду вельмі ўдзячны за падтрымку. https://www.buymeacoffee.com/ikbytech/w/38188

На чытанне спатрэбілася 3 хвіліны Нататка змяшчае 460 слоў

Сябры, акрамя блога, я амаль што рэгулярна пішу адмысловую рассылку пра праграмванне і тэхналогіі, дзе раз на двы тыдні збіраю самыя цікавыя навіны тэхналогій і раблю агляд цікавых інструментаў, якія мне трапіліся. Таму хутчэй падпісвайцеся, каб не прапусціць штосці цікавае наступным разам!