Ранішняя гравелавая паездка па трэку Minsk Dawn Patrol

Пакрысе знаёмлюся з лакальнымі суполкамі мінскіх раварыстаў і так склалася, што недалёка ад дома збіраюцца і ездзяць сябры Minsk Dawn Patrol. Вырашыў праехаць адзін з трэкаў гэтай суполкі і расказваю пра свае ўражанні.
Ранішняя гравелавая паездка па трэку Minsk Dawn Patrol

Ранішняя гравелавая паездка па трэку Minsk Dawn Patrol


Больш нататак пра велапаездкі ў Тэлеграм-канале “Вандровар”, а на YouTube відэа-справаздачы з паездак.

Галоўная ідэя паездак MDP (у маім разуменні) – выехаць вельмі рана і паспець пакатацца да сваіх ранішніх абавязкаў дарослых людзей (дзяцей у школы, садкі развезці і інш.). Усе выезды пачынаююца ў адным месцы і ў аднолькавы час – 5:40 раніцы. Маршрутаў некалькі, але яны заўсёды аднолькавыя, хоць і розныя ў залежнасці ад таго, які дзень тыдня. Напрыклад, у аўторак едуць вакол Мінскага мора па гадзіннай стрэлцы, у чацвер – у адваротны бок, а па серадах увогуле гравелавы маршрут.

Я спачатку хацеў паехаць, як і ўсе, у 5:40 раніцы, але прыкінуўны адлегласць і свае сілы, зразумеў, што да сваіх абавязкаў магу і не паспець. Аднак я вырашыў маршрут усё ж праехаць у зручны для сябе час. Ровар у мяне зараз гравелавы, таму і маршрут выбраў адпаведны. І скажу адразу – не прагадаў! Краявіды, сцежкі, горкі і спускі мяне шчыра і ў добрым сэнсе ўразілі.

Маршрут і цікавосткі

Маршрут пачынаецца ад запраўкі United Company, што на праспекце Пераможцаў, далей праз парк Дразды, праз дамбу і ўздоўж ракі Свіслач, праходзячы пад МКАД. Да парку па тратуарах ехаць не вельмі зручна, але раніцай людзей там амаль няма, таму не перашкаджаюць. З берагу ракі адкрываецца прыгожы від на шматпавярховікі ўздоўж праспекта.

1. Від на праспект Пераможцаў з другога берагу Свіслачы

1. Від на праспект Пераможцаў з другога берагу Свіслачы

За кальцавой дарогай маршрут паварочвае і цягнецца ўздоўж цікавага спартыўнага збудавання – Мінскага слаломнага каналу. Ён быў пабудаваны ў 1981 годзе па прататыпу ўнікальнага на той час слаломнага каналу ў Мюнхене. Зараз там горнай бурнай ракі няма, толькі ручаёк на дне, але месца ўсё адно цікавае, каб наведаць.

2. Слаломны канал амаль адразу за кальцавой дарогай

2. Слаломны канал амаль адразу за кальцавой дарогай

Сцежка далей вядзе праз дарогу Р-133, дзе праз некалькі соцен метраў ёсць мост праз канал, за якім прамая дарога да рэзідэнцыі на Мінскім моры. Далей па маршруце шлях на дарогу паміж Заслаўем і Калодзішчамі, потым праз дамбу да ракі Вяча і ўздоўж яе.

3. Від з моста праз канал, які сілкуе слаломны вадой Мінскага мора

3. Від з моста праз канал, які сілкуе слаломны вадой Мінскага мора

Асфальту там няма, але ён там і не патрэбны. Месцамі трасе і ёсць пясочак, на якім кідае руль, але я ж на гравеле, таму едзецца легка.

4. Уздоўж ракі Вяча недзе каля вёскі Сёмкаў Гарадок

4. Уздоўж ракі Вяча недзе каля вёскі Сёмкаў Гарадок

Прыгоды пачынаюцца

Да вёскі Ашмянцы, дзе спачатку аблаюць злыя сабакі, а потым пачнецца ТАКОЕ!

Фота не перадае таго, што пабачылі вочы, а потым адчулі ногі. Пад’ём, па полі з пяском, дык такі, што я не здолеў на яго заехаць! Давялося апошнія метраў 40 ісці пешшу, каб узабрацца.

5. Вельмі круты ўздым па полі за вёскай Ашмянцы

5. Вельмі круты ўздым па полі за вёскай Ашмянцы

Узнагарода – навакольныя краявіды з вышыні той гары. У яснае надвор’е відаць на далёкія кіламетры…

6. Від з верху той гары ў бок вёскі Ашмянцы

6. Від з верху той гары ў бок вёскі Ашмянцы

Не тое, каб там было што глядзець вельмі цікавага, але калі выпадкова ёсць які бінокль, то можна ўзяць з сабой.

7. Яшчэ навакольныя віды пасля ўздыму - вельмі прыгожа

7. Яшчэ навакольныя віды пасля ўздыму - вельмі прыгожа

У той частцы маршрута дарога вяла палямі, таму цяжка даваць нейкія арыентыры, акрамя бадай што старога палігона-сметніка “Паўночны”. Я шмат разоў бачыў яго з кальцавой, з Заслаўскай шашы, калі там ездзіў, але гэтым разам апынуўся зусім блізка ад яго.

Гара сапраўды вялікая, уражвае, але напамін пра тое, што гэта ўсё ж сметнік, дагнаў разам са смуродам ад яго, калі з-за павароту маршруту змяніўся і напрамак ветру.

8. Палігон пахавання цвёрдых камунальных адходаў “Паўночны”

8. Палігон пахавання цвёрдых камунальных адходаў “Паўночны”

Назад вяртаўся праз Сёмкаў Гарадок, Прымор’е і Зацень, ад ад Заценя – па полю за паркам Дразды.

9. Вяршкі дамоў мікрараёна Лебядзіны з палёў каля Заценя

9. Вяршкі дамоў мікрараёна Лебядзіны з палёў каля Заценя

Калі там едзеш, трошкі дзіўна бачыць дахі шматпавярховікаў вялікага горада і адначасова разаранае поле.

10. Дарога праз поле ад Заценя да парка Дразды

10. Дарога праз поле ад Заценя да парка Дразды

Маршрут павінен быў завяршыцца там жа, дзе і пачаўся, але мне хацелася дабраць трошкі кіламетраў, таму даў невялікага кругаля пасля дамбы на вадасховшчы Дразды. Потым паставіў ровар у паркінг, выпіў кавы ў кавярні пад домам і пайшоў пісаць код.

Агулам атрымалася 40 кіламетраў, 2 гадзіны часу з сярэдняй 20.6 км/г, што для гравелавай паездкі вельмы добры вынік. Каму цікава, трэк паездкі даступны ў Strava (праз VPN) ці Komoot.

Разважанні аб вартасці

Шмат хто здзіўляецца такім паездкам, бо як можна пасля 40 ці 60 (а то і 100) кіламетраў на ровары потым цэлы дзень працаваць. Тым больш, калі падняцца ў 5 гадзін раніцы. Парада раней класціся спаць і сачыць за рэжымам сну – можа і слушная, але гэта сапраўды вельмі цяжка, хоць іншага варыянту і няма.

Што датычна адлегласці, то канешне ж залежыць ад узроўню кіроўцы. Ніхто не прымушае ехаць далёка, можна абраць камфортны для сябе маршрут і на 20 кіламетраў і гэтага будзе дастаткова. Мэта не ў кіламетрах.

Цішыня раніцы і назіранне за тым, як прырода і горад абуджаецца перад насычаным днём дае моцны, ні з чым не параўнальны, прыліў натхнення і задавальнення, што варта ўсіх пакут.

Калі ж перабраў з кіламетрамі, 20-30 хвілін 😴 падчас абеду вырашаць праблему.


На чытанне спатрэбілася 4 хвіліны Нататка змяшчае 704 словы

Сябры, акрамя блога, я амаль што рэгулярна пішу адмысловую рассылку пра праграмванне і тэхналогіі, дзе раз на двы тыдні збіраю самыя цікавыя навіны тэхналогій і раблю агляд цікавых інструментаў, якія мне трапіліся. Таму хутчэй падпісвайцеся, каб не прапусціць штосці цікавае наступным разам!