Трыццаць чатыры
Так склалася, што я такія пасты пішу не кожны год, хаця нічога і не перашкаджае, здавалася б. Але ж гэтым разам вырашыў, што патрэбна напісаць. Чарговы год мінуў, быў багаты на падзеі, але ж наперадзе новыя адкрыцці і выклікі.
Перачытаў свае апошнія пасты на тэму ўзросту і гэта аказалася даволі цікава. У першым, калі мне было 23 гады, я пісаў, што патрэбна больш рабіць карыснага і інвеставаць у сябе, а калі было 31, то пісаў пра тое, што не варта ставіць мэты, што прывязаны да пэўных перыядаў. І з першым і з другім я згодны, асабліва зараз. Але ёсць што ўдакладніць.
Па пачуццях жа, здаецца, крызіс сярэдняга ўзросту такі пераадолены. Бо ў 31 і ў 33 было адчуванне, што я не ведаю, што рабіць далей. Не было мэты, нават на бліжэйшы час. Зараз жа я ведаю, чаго хачу ў бліжэйшай будучыні. У мяне ёсць канкрэтныя мэты да 40- і да 50-годдзя. Ёсць план, што рабіць, каб дасягнуць задуманага. Існуюць пытанні адносна шляхоў дасягнення пастаўленых мэт, але гэта ўжо тактыка, стратэгічны курс зразумелы.
Цягам гэтага году шмат што давялося перажыць, і прыемнага і даволі непрыемнага, але ж стала зразумела, што было прынцыповым, а што проста прыдумвалася. Лішняе проста адвалілася. Таму замест вынікаў скажу так, што стаў сапраўды дарослым, сталым і са сваім жыццёвым светапоглядам, які ўжо нікому не не пад сілу змяніць. І гэта важна, бо цяпер я ўпэўнены, што я магу зрабіць сябе сам і, што больш важна, магу свае веды перадаць сваім дзецям, якіх цяпер ужо двое.
Наперадзе 365 дзён, 52 тыдні і 12 месяцаў, за якія можна зрабіць проста процьму чаго. Праз год паглядзім, што атрымалася, а што не.
Сябры, акрамя блога, я амаль што рэгулярна пішу адмысловую рассылку пра праграмванне і тэхналогіі, дзе раз на двы тыдні збіраю самыя цікавыя навіны тэхналогій і раблю агляд цікавых інструментаў, якія мне трапіліся. Таму хутчэй падпісвайцеся, каб не прапусціць штосці цікавае наступным разам!